адм.-тэр. адзінка ў 16—20 ст. у ВКЛ, Рас. імперыі, Польскай Рэспубліцы. Цэнтр — г.Ліда. Папярэднікам Л.п. было Лідскае намесніцтва, вядомае з 1382. З 1413 уваходзіла ў Віленскае ваяв., часам Лідскае намесніцтва называлі паветам. Пасля адм. рэформы 1565—66 да Лідскага намесніцтва далучаны суседнія Васілішскае і Эйшышкскае намесніцтвы (са складу Трокскага ваяв.), а іх агульная тэр. ўтварыла ўласна Л.п. з фіксаванымі межамі. Л.п. увайшоў у Віленскае ваяв., меў павятовую харугву чырв. колеру з выявай «Пагоні». Пасля далучэння да Рас. імперыі ў 1794 уключаны ў Віленскае, у 1795 — у Слонімскае намесніцтвы, у 1796 — у Літоўскую, у 1801 — у Віленскую губ. Межы павета пры гэтым практычна не мяняліся. Пасля рэформы 1861 падзелены на 24 воласці: Аляксандраўскую, Арлянскую, Астрынскую, Беліцкую, Беняконскую, Васілішскую, Вялікамажэйкаўскую (скасавана ў пач. 20 ст.), Ганчарскую, Дакудаўскую, Дубіцкую, Жалудскую, Жырмунскую, Забалацкую, Каняўскую, Лебядскую, Лідскую, Ляцкую, Мытлянскую, Пакроўскую, Радунскую, Ражанкаўскую, Тарноўскую, Шчучынскую, Эйшышкскую. Тэр. больш за 4,9 тыс. кв. вёрст. У 1864 нас. каля 110 тыс.ж., у т.л. больш за 75 тыс. католікаў, каля 30 тыс. праваслаўных, каля 6 тыс іудзеяў, 31 касцёл, 19 цэркваў, 18 яўр. малітоўных дамоў; 15 мястэчак, 15 сёл, 866 вёсак, 876 інш. паселішчаў (калоній, фальваркаў, аколіц, хутароў і інш.). У 1910 дзейнічалі 244 ф-кі і з-ды з 2160 рабочымі. У 1913—252,5 тыс.ж. З 2.2.1919 у складзе ЛітБел, неўзабаве заняты польскім войскам. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 у Польшчы, у Навагрудскім ваяв. Пазней Дубіцкая, Ляцкая і Пакроўская вол. перайменаваны адпаведна ў Навадворскую, Дамброўскую і Сабакінцкую гміны. З 1939 Л.п. у БССР, яго паўн. частка (Каняўская і Эйшышкская вол.) адышла да Літвы, а астатняя тэр. 2.12.1939 уключана ў Баранавіцкую вобл. 15.1.1940 Л.п. скасаваны.